Старонка:З пушкі на Луну.pdf/269

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дыяна паддалася ліслівым прамовам і з жалобным скогытам выпаўзла з-пад канапы.

— Дыяна тут, — сказаў Барбікен, — але дзе-ж Спутнік?

— Спутнік? — паўтарыў Ардан. — І Спутнік, пэўна, недалёка. Ён таксама дзе-небудзь схаваўся. Спутнік, сюды! Спутнік! Спутнік!

Але Спутнік не паказваўся, а Дыяна скагытала жаласна.

Дыяну аглядзелі, знайшлі, што яна не ранена і не скалечана, і яе пачаставалі смачным піражком, пасля чаго яна адразу пакінула жаласна скагытаць.

Доўга шукалі, пакуль, нарэшце, знайшлі Спутніка. Ён ляжаў у верхнім аддзяленні снарада, куды яго падкінула пры штуршку. Бедны сабака моцна пабіўся і меў вельмі жалкі выгляд.

— Якое гора! — усклікнуў Мішэль Ардан. — Вось табе і акліматызацыя…

Спутніка асцярожна знялі ўніз.

Галавою ён стукнуўся аб скляпенне снарада і, здавалася, бадай ці мог ачунець пасля такога ўдару.

Раненага паклалі на падушку, і тут ён вольна ўздыхнуў.

— Бедны Спутнік! Сябра ты мой мілы! — прыгаварваў Ардан. — На нас ляжыць адказнасць за тваё жыццё, галубочак! Ды няхай лепш у мяне адваліцца правая рука, чым прападзе хаця адна лапка ў майго мілага Спутніка!

Ён даў вады пабітай жывёле. Сабака прагавіта пачаў хлябтаць.

Затым цікаўныя падарожнікі зноў пачалі назіраць за Зямлёй і Луной.