Старонка:З пушкі на Луну.pdf/266

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

знікне, і тады на некаторы час Зямлю закрые цёмны цень. Будзе «новазямелле».

— Дык вось яна, Зямля! Вось Зямля! — паўтараў Ардан, гледзячы ва ўсе вочы на скромную палоску роднай планеты.

Барбікен растлумачыў правільна. Зямля ў адносінах да снарада ўваходзіла ў сваю апошнюю квадру.

Святло яе сярпа было нейкае сіняватае ад густой атмасфернай абалонкі і не такое яркае, як звычайны серп Луны, але размеры яго здаваліся куды большымі; ён здаваўся нейкім велізарным, расцягнутым па небе лукам. Некаторыя пункты, асабліва ў яго ўвагнутай частцы, былі ярка асветлены і гаварылі аб існаванні высокіх гор; усе гэтыя ярка асветленыя пункты часам знікалі пад густымі плямамі, якіх ніколі не відаць на паверхні луннага дыска. Гэта былі размешчаныя вакол зямнога шара кольцы воблакаў.

Аднак, можна было бачыць увесь контур зямнога шара. Дзякуючы адсвету ад Луны поўны яе дыск відаць быў даволі ясна, хаця і не так, як звычайна відаць дыск Луны, не асветлены сонцам.

Падарожнікі шчыра стараліся пранізаць вачыма непраглядную цемру прасторы, як раптам перад імі рассыпаўся мігатлівы букет падаючых зор. Сотні балідаў загараліся ад дотыку з атмасферай і прарэзвалі цемру бліскучымі агнявымі лініямі і спярэшчвалі попельную частку дыска сваім мігатлівым святлом.

Мішэль Ардан, пакідаючы ў баку навуковыя тлумачэнні, суцяшаў сябе думкаю, што родная Зямля ласкава выпраўляе сваіх дзяцей, суправаджаючы зорнымі фейерверкамі.

Зямны шар, дзе яны пакінулі ўсё, што было ім