Старонка:З пушкі на Луну.pdf/263

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэта балід[1], але балід велізарны, які трымаецца прыцяжэннем Зямлі ў якасці яе спадарожніка.

— Няўжо? Значыцца, у Зямлі дзве луны?

— Так, Мішэль, дзве луны, хаця звычайна і мяркуюць, што Луна толькі адна. Але другая Луна настолькі малая, і рух яе да таго хуткі, што жыхары Зямлі яе бачыць не могуць. Аднак, французскі астраном Пці[2] мог знайсці існаванне другога спадарожніка. Згодна яго назіранняў, гэты балід робіць свой абарот вакол Зямлі з неймавернай скорасцю — усяго за тры гадзіны дваццаць мінут…

— Існаванне гэтага спадарожніка прызнаюць усе астраномы? — запытаў Ніколь.

— Не, не ўсе, — адказваў Барбікен, — але калі-б яны сустрэлі яго, вось як мы цяпер, яны больш не сумняваліся-б у яго існаванні. Ведаеце, што я думаю?

— Што?

— Што гэты балід, які, разумеецца, знішчыў-бы нас, калі-б стыкнуўся са снарадам, дасць цяпер магчымасць вызначыць наша месца ў прасторы.

— Як-жа гэта? — запытаў Ардан.

— Адлегласць яго вядома, і ў тым пункце, дзе мы сустрэлі яго, мы былі на 8140 кілометраў над паверхняю зямнога шара.

— Ой-ой-ой! — ускрыкнуў Ардан. — Перад такою хуткасцю нішто ўсе зямныя кур’ерскія паязды!

  1. Балідамі называюцца наогул камяністыя ці металічныя масы, якія падаюць часам на Зямлю. Пападаючы ў зямную атмасферу, яны, сустракаючы супраціўленне паветра, распальваюцца да яркага свячэння.
  2. Ф. Пці — дырэктар Тулузскай абсерваторыі, французскі астраном, які жыў у першай палове мінулага стагоддзя. Яго тэорыю існавання другога спадарожніка Зямлі ў сучасны момант не прызнае большаць астраномаў.