Старонка:З пушкі на Луну.pdf/262

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

асветлена. Яго можна было палічыць за маленькую Луну. Ён ляцеў незвычайна хутка і апісваў, як відаць, вакол Зямлі лінію, якая перарэзвала шлях нашага ядра. Паступальны рух гэтага цела дапаўняўся вярчэннем яго вакол асі; значыцца, яно ў сваім руху нічым не адрознівалася ад іншых нябесных цел, што рухаюцца ў прасторы.

— Гэта што такое? Гэта што такое? — усклікнуў Мішэль Ардан. — Другі снарад?

Барбікен не адказаў. З’яўленне гэтага велізарнага цела здзівіла яго і ўстрывожыла. Магчыма была пагібельная сустрэча, — сутычка скінула-б снарад на Зямлю.

Барбікен вельмі хутка зразумеў гэтую магчымасць.

Ардан і Ніколь моўчкі глядзелі ў прастору.

Шар, набліжаючыся, усё павялічваўся. З прычыны аптычнага абману здавалася, што снарад імчыцца проста да яго.

— Ды што гэта? — усклікнуў Мішэль Ардан. — Паязды зараз-жа стыкнуцца!

Інстыктыўна падарожнікі падаліся назад. Жах іх быў нязмерны, але працягваўся нядоўга. Нябеснае цела праляцела за некалькі сот метраў ад іх і знікла; яго паверхня адразу злілася з глыбокім змрокам прасторы.

— Шчаслівай дарогі! — прагаварыў Мішэль Ардан, з відавочным задавальненнем уздыхаючы поўнымі грудзьмі. — Што-ж гэта, няўжо і на небе так цесна, што нельга без рызыкі гуляць па ім у маленькім снарадзе? Хто ведае, што гэта за неўгамаваны шар, які ледзь з намі не стыкнуўся?

— Я ведаю, — сказаў Барбікен.

— Вось чорт! Ты ўсё на свеце ведаеш!