Старонка:З пушкі на Луну.pdf/261

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я прайграў, — сказаў Ніколь.

— З чым вас і віншую! — сказаў Ардан.

— Атрымлівайце 9 000 далараў, — сказаў капітан і выняў з кішэні банкавыя білеты.

— Хочаце распіску ў атрыманні? — запытаў Барбікен, прымаючы грошы.

— Калі вам няцяжка, — адказаў Ніколь. — Акуратнасць заўсёды добрая рэч.

Барбікен сур’ёзна і флегматычна выняў запісную кніжку, вырваў в яе чысты лісток, напісаў алоўкам распіску згодна ўсіх правіл і аддаў яе Ніколю, які акуратна паклаў яе ў свой партфель.

Ардан зняў шапку і моўчкі пакланіўся таварышам. Такі фармалізм у падобныя хвіліны канчаткова скаваў яму вусны. Ардан зроду не бачыў нічога больш амерыканскага…

Закончыўшы справавыя фармальнасці, Барбікен і Ніколь зноў падышлі да акна і пачалі разглядаць сузор’і.

На чорным фоне неба зоры ззялі яркімі кропкамі, але Луны з гэтага боку нельга было бачыць, таму што, рухаючыся з усходу на захад, яна паволі набліжалася да зеніта.

— Дзе-ж Луна? — запытаў Ардан. — Ці не хоча яна ад нас пусціцца наўцёкі?

— Супакойся, супакойся, — адказаў Барбікен. — Наша будучае жыллё на сваім месцы, але з гэтага боку мы не можам яго бачыць. Адчынім другое бакавое акно.

Барбікен ужо хацеў пайсці да гэтага акна, як раптам набліжэнне нейкага бліскучага прадмета прыцягнула яго ўвагу.

Гэта быў велізарны шар, — такі велізарны, што яго каласальных размераў нельга было вызначыць.

Паверхня шара, звернутая да Зямлі, была ярка