Старонка:З пушкі на Луну.pdf/258

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кена: гэта тая, што тэмпература ўнутры снарада была вельмі высокая.

Барбікен выняў з футляра тэрмометр і вымерыў тэмпературу. Ён паказваў 45 градусаў па Цэльсію!

— Мы ляцім, — усклікнуў Барбікен, — мы ляцім! Гэта ўдушлівая гарачыня выходзіць ад сценак снарада! Яна — вынік трэння ядра аб атмасферныя слаі. Хутка яна спадзе, таму што мы нясёмся ўжо ў пустаце. Цяпер мы ледзь не душымся ад гарачыні, а потым будзем замярзаць.

— Гэта якім-жа такім чынам? — запытаў Ардан. — Па-твойму, Барбікен, мы ўжо, значыцца, за межам зямной атмасферы?

— Безумоўна, Мішэль, безумоўна. Ты толькі выслухай. Цяпер пяцьдзесят пяць мінут адзінаццатай. Мы вылецелі восем мінут таму назад. Так?

— Так.

— Калі-б скорасць нашага палёту не зменшылася ад трэння ядра аб паветра, нам было-б дастаткова шаснаццаці секунд, каб пераляцець той слой зямной атмасферы, які можа аказваць колькі-небудзь значнае супраціўленне нашаму снараду.

— Правільна, — пацвердзіў Ніколь, — але на колькі, мяркуеце вы, зменшылася наша пачатковая скорасць ад гэтага трэння?

— На адну трэць, Ніколь, — адказваў Барбікен. — Праўда, гэта вельмі значнае змяншэнне, але такім яно атрымлівалася паводле маіх вылічэнняў. Значыцца, калі пачатковая скорасць снарада была 11000 метраў, то пасля выхаду з атмасферы гэта скорасць павінна была зменшыцца да 7332 метраў. Мы ўжо праляцелі цяпер гэту прастору…

— І прыяцель Ніколь прайграў ужо абодва заклады, — перабіў Ардан, — 4000 далараў за тое, што калумбіяду не разарвала, і 5 000 далараў за тое,