Старонка:З пушкі на Луну.pdf/254

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паварушылася: рукі крануліся, галава ўзнялася. Ардан стаў на калені, абмацаў сябе, прагаварыў галоснае «ух!» і сказаў:

— Мішэль Ардан цэлы. Паглядзім, што з астатнімі.

Ён правёў некалькі разоў рукою па ілбу і, паціраючы скроні, крыкнуў:

— Ніколь! Барбікен!

Ён са страхам чакаў, ці будзе адказ.

Адказу не было.

Не толькі адказу, — ні адзінага ўздыху…

Ён паклікаў паўторна.

Зноў ні адзінага гуку.

— Чорт вазьмі, — загаварыў Ардан, — яны нібы з пятага паверху ўніз галавою шыбанулі. Ба! — дадаў ён са звычайнай непахіснай упэўненасцю, — калі француз мог стаць на калені, дык ужо амерыканцы напэўна ўскочаць на ногі! Агледзімся-тка добра і скемім усё грунтоўней!

Ардан адчуваў, што жыццё хутка да яго варочаецца, кроў супакойвалася і зноў рабіла свой звычайны абарот. Ён зрабіў яшчэ некалькі намаганняў і яму ўдалося захаваць роўнавагу.

Ён стаў на ногі, выняў з кішэні запалкі, чыркнуў і запаліў газ.

Газавік быў зусім цэлы, газ не вылецеў.

Аднак, Ардан ведаў гэта і раней, таму што, каб вылецеў газ, то, па-першае, засмярдзела-б, а па-другое, немагчыма было-б беспакарана вадзіць запаленай сярнічкай у закупоранай прасторы, поўнай газу.

Газ, злучаючыся з паветрам, утварыў-бы лёгкую запальную сумесь, і вельмі можа быць, выбух закончыў-бы тое, што пачало страсенне.