Старонка:З пушкі на Луну.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

шыня, як часта бывае перад бурай. І сапраўды адразу загрымеў гром: гром крыкаў і апладысментаў, такі гам, што ад яго задрыжэў увесь велізарны зал сходу. Барбікен імкнуўся гаварыць сваю прамову, але хіба гэта было магчыма? Толькі праз дзесяць мінут дасягнуў ён таго, што яго пачалі слухаць.

— Дайце мне скончыць, — спакойна казаў Барбікен. — Я абмеркаваў гэтае пытанне з усіх бакоў і, на аснове бясспрэчных вылічэнняў, магу сцвярджаць, што снарад, маючы пачатковую скорасць адзінаццаць кілометраў у секунду і правільна накіраваны, павінен даляцець да Луны. Таму, паважаныя сачлены, я маю гонар прапанаваць вам зрабіць гэты маленькі дослед.


РАЗДЗЕЛ ІІІ

Як адгукнуліся амерыканцы на праект Барбікена

Немагчыма апісаць уплыву апошніх слоў прэзідэнта Барбікена на аудыторыю Пушачнага клуба. Крычалі «Гіп-гіп-гіп! Ура!» Галасілі, рыкалі, вішчэлі ад захаплення. Што сілы крычалі, пляскалі, тупалі нагамі, страсаючы падлогу ўсіх залаў! Страшэнная мітусня, неапісальны шум! Залп са ўсіх гармат Пушачнага клуба не пахіснуў-бы паветра з такой працяглай сілай.

Сярод гэтага шуму Барбікен захаваў сваю дзіўную спакойнасць. Некалькі разоў ён спрабаваў загаварыць, але дарэмна патраціў усе зарады старшынскага званка: іх і не чуваць было. Барбікена схапілі з крэсла, урачыста панеслі на руках спачатку яго прыяцелі-сачлены; затым яго адабраў натоўп і пайшоў урачыстым шэсцем па ўсяму гораду.