Старонка:З пушкі на Луну.pdf/245

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ І

Ад 10 гадз. 20 мін. да 10 гадз. 47 мін. вечара

Мішэль Ардан, Барбікен і Ніколь развіталіся са сваімі зямнымі прыяцелямі роўна ў дзесяць гадзін. Два сабакі, якія прызначаліся для размнажэння сабачай пароды на Луне, ужо сядзелі ў ядры.

Падарожнікі спыніліся каля адтуліны вялізнай чыгуннай трубы, і іх апусцілі пры дапамозе крана да верху ядра.

Адсюль яны прабраліся ў свой алюмініевы вагон. Вяроўкі і блокі тут-жа выцягнулі наверх, і жэрла калумбіяды вызвалілася ад усіх рыштаванняў.

Апынуўшыся з таварышамі ў ядры, Ніколь адразу пачаў зачыняць яго адтуліну моцнай дошкай, якая прытрымлівалася знутры націскнымі вінтамі; іншыя шчыльна прыгнаныя дошкі закрывалі тоўстае выпуклае шкло ілюмінатараў.

Падарожнікі герметычна закупорыліся ў сваёй металічнай турме і апусціліся ў найглыбейшую цемру.