Старонка:З пушкі на Луну.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

гэтай фігуры. Таму селеніты, калі толькі яны існуюць, адкажуць такой-жа фігурай, і тады лёгка будзе ўстанавіць геаметрычны алфавіт, які дасць магчымасць людзям абменьвацца думкамі з жыхарамі Луны».

Але праект германскага вучонага не здзейсніўся, і да гэтага часу не ўстаноўлена ніякіх зносін, ніякай сувязі між Зямлёй і Луной. Аднак, я ўпэўнены, што такую сувязь можна ўстанавіць і што яе ўстановіць практычны геній амерыканцаў. Ёсць сродак дасягнуць Луны! Сродак просты, лёгкі, верны! Я хачу вам аб ім сказаць…

Страшны шум, цэлая бура воклічаў віталі гэтыя словы Барбікена. Усе слухачы былі зачарованы, захоплены аратарам.

— Слухайце, слухайце! Ды змоўкніце-ж! — пачалі крычаць з усіх бакоў.

Калі хваляванне сунялося, Барбікен загаварыў голасам яшчэ больш глыбокім і сур’ёзным:

— Вы ведаеце, якіх поспехаў дасягнула балістыка за апошнія гады, і разумееце, да якой высокай ступені ўдасканалення маглі-б дайсці агнестрэльныя гарматы, калі-б вайна не скончылася так хутка! Вы таксама ведаеце, што кідальную сілу паравых газаў можна давесці амаль да бязмежнасці. І вось, выходзячы з гэтых прынцыпаў, я паставіў перад сабой пытанне: хіба немагчыма разлічыць як след дастатковыя размеры гарматы, яе супраціўленне, кідальную сілу зараду і іншае, — хіба немагчыма, паўтараю я, пусціць з такой гарматы ядро на Луну?

Тут адбылося нешта невыабражальнае. З тысячы ўсхваляваных грудзей вырвалася вялізнае «ой». Ашаламленне аудыторыі было поўнае!.. На хвіліну змоўклі, наступіла глыбокая ці-