Старонка:З пушкі на Луну.pdf/239

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Старога Свету — трубы Гершэля, Роса, Фуко і іншыя — нязменна накіраваны на зямнога спадарожніка. Дадавалася яшчэ, што на паверхні Луны нічога новага не відаць. Яно і зразумела: гэтыя трубы былі вельмі слабыя для таго, каб заўважыць снарад калумбіяды.

6-га снежня па ўсёй Паўночнай Амерыцы — тое-ж надвор’е. Грамадская нецярплівасць дайшла да вышэйшага пункту напружання. Пачалі выдумляць самыя недарэчныя планы, каб штучным шляхам разагнаць згушчаную ў атмасферы пару.

7-га снежня неба паказалася крыху іншым: воблакі пачалі як быццам разыходзіцца. Амерыканцы павесялелі, але не надоўга — к вечару хмары зноў зацягнулі неба, і зноў не было відаць ні Луны, ні зор.

Справа прымала трывожны, вельмі дрэнны напрамак. Луна бесперапынна змяншалася. 11-га снежня, а 9 гадзіне 11 мінут раніцы павінна была настаць апошняя яе квадра, і з кожным днём к Сонцу паварочвалася ўсё меншая і меншая частка таго паўшар’я Луны, якое відаць з Зямлі. А праз 7 дзён настаў маладзік — час, калі ўсход і заход Луны супадаюць з усходам і заходам Сонца. Тады Луну не ўбачыш ні ў якія астранамічныя трубы…

Праз некалькі дзён Луна павінна была паказацца, але яшчэ тонкім сярпом, а ў астатняй, амаль неасветленай яе частцы нельга было-б убачыць снарад калумбіяды нават пры дапамозе Лонгспікскай трубы. Карацей кажучы, не раней 3 студзеня, а 12 гадзіне 44 мінуты дня, Луна павінна была з’явіцца ў такіх-жа спрыяючых умовах