Старонка:З пушкі на Луну.pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Аднак, калі дослед удаўся, адважныя падарожнікі, што пакінулі Зямлю 1-га снежня, а 10 гадзіне 45 мінут вечара, павінны былі даляцець да Луны 4-га, а паўначы. Гэта мысль суцяшала грамадскую думку, і да 4-га снежня публіка параўнальна лёгка мірылася з немагчымасцю астранамічных назіранняў; да таго-ж кожны, нарэшце, зразумеў, што толькі ў вялізны тэлескоп Лонгспіка можна было ўлавіць ядро ў час яго палёту.

Ужо 4-га снежня, у яснае надвор’е, ад васьмі вечара да паўночы, можна было-б убачыць снарад, як чорную кропку, каля бліскучай паверхні Луны… Але неба заставалася па-ранейшаму непранікальным для Паўночнай Амерыкі, і амерыканцы зноў раззлаваліся на Луну. Многія дайшлі да таго, што лаялі яе і пракліналі яскравы прыклад нясталасці жыхароў Зямлі, якія толькі што перад гэтым так шчодра расхвальвалі Луну ў самых ласкавых выразах.

Паважаны сакратар Пушачнага клуба ўпаў у роспач. Урэшце, ён не вытрымаў і паспешна накіраваўся ў Лонгспік. Мастон вырашыў, што ён павінен сам назіраць. Ён не сумняваўся, што яго прыяцелі праляцелі ўжо свой шлях. Калі-б падарожжа не ўдалося, снарад упаў-бы назад на Зямлю — на які-небудзь мацярык ці востраў, і аб гэтым у тую-ж хвіліну тэлеграфавалі-б. Праўда, ядро магло ўпасці і ў акіян, які займае тры чвэрці зямной паверхні, — упасці далёка ад тэлеграфа і людзей, — але Мастон ні на міг не дапускаў такой мыслі. Ён верыў у поспех падарожжа.

Настала 5-е снежня і пры такім-жа надвор’і… Тэлеграф паведаміў, што ў Еўропе цудоўнае бязвоблачнае неба і што ўсе вялізныя тэлескопы