Старонка:З пушкі на Луну.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

праз поўгадзіны пасля стрэлу калумбіяды туземцы Сіера-Ліёна і Гарэі чулі на працягу некалькіх імгненняў глухі шум: гэта быў гул ад апошніх раскатаў гукавых хваль, што пранесліся з Фларыды да Заходняй Афрыкі, цераз усю шыр Атлантычнага акіяна.

Аднак, сцвярджэнне гэта заснавана толькі на апавяданнях нямногіх туземцаў-неграў.

Што-ж адбылося ў Фларыдзе, на месцы стрэлу?

Пасля першай хвіліны замяшання натоўп — і раненыя, і аглушаныя, і паваленыя на зямлю, — адным словам, мільёны гледачоў апрытомнелі, і паветра задрыжэла ад шалёных крыкаў:

— Ура Ардану! Ура Барбікену! Ура Ніколю!

Затым да неба накіраваліся дзесяткі тысяч бінокляў, ларнетаў, падзорных труб. Забыўшы ранейшыя хваляванні, забыўшы аб ударах і ранах, гледачы ўсе думкі накіравалі ў нябесную прастору, спрабуючы знайсці чорную кропку, якой павінен быў стаць паляцеўшы ўверх снарад. Але ўсе старанні засталіся дарэмнымі. Прышлося змірыцца з думкаю, што неабходна чакаць тэлеграм з Лонгспіка.

Дырэктар Кембрыджскай абсерваторыі Дж. Бельфаст быў ужо на сваім пасту, у Скалістых гарах: яму, як астраному, вядомаму сваёй вопытнасцю і цярплівасцю, былі даручаны назіранні за палётам снарада. Але і ён нічога не бачыў…

Адбылася з’ява зусім нечаканая, — хаця яе, уласна кажучы, можна было прадбачыць, — перашкода неперамагальная, якая выключала ўсякую магчымасць астранамічных назіранняў за ядром калумбіяды.

Справа ў тым, што яснае ў апошнія дні надвор’е раптоўна змянілася: усё неба завалаклі