Старонка:З пушкі на Луну.pdf/230

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Каля агарожы Стонзхіла паказаліся бясстрашныя героі надыходзячага падарожжа…

Пры іх з’яўленні натоўп яшчэ больш заварушыўся, яшчэ вышэй узняўся шматмільённы хор прывітальных выклікаў і выгукаў. Праз некалькі імгненняў пачуліся першыя гукі амерыканскага нацыянальнага гімна. Натоўп падхапіў, і амерыканскі «Янкі Дудль» панёсся к небу бураю гукаў. Пасля гэтага нястрымнага парывання захапляючы настрой натоўпа крыху ўпаў: хутка замерлі апошнія гукі гімна, і толькі глухі гул выдаваў глыбокае хваляванне натоўпу.

Тым часам Ардан, Барбікен і Ніколь увайшлі за агарожу, закрытую для старонніх.

За імі пайшлі члены Пушачнага клуба і шматлікія дэпутацыі, камандыраваныя еўрапейскімі абсерваторыямі.

Барбікен — спакойны і разважны, як заўсёды, — аддаваў нахаду свае апошнія загады. Следам за ім цвёрдымі крокамі ішоў Ніколь, моцна сціснуўшы губы і заклаўшы рукі за спіну. Крыху ззаду, за імі ішоў са звычайнай вольнасцю Мішэль Ардан, направа і налева развітваючыся гарачымі пацісканнямі рук, якіх ён не шкадаваў. Для больш зручнага падарожжа на Луну ён адзеўся ў неймаверна прасторны дарожны касцюм з карычневай аксамітнай матэрыі, з паляўнічай сумкай цераз плячо і скуранымі гетрамі на нагах. Не выпускаючы з зубоў цыгары, ён не пераставаў голасна гаварыць, смяяцца, жартаваць, асабліва з Мастонам. У Ардана быў невычарпальны запас вясёласці і жартаў. Ён заставаўся да апошняй секунды сапраўдным французам, больш таго — сапраўдным парыжанінам.