Старонка:З пушкі на Луну.pdf/226

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

якую трое яе сыноў збіраліся пакінуць для заваявання новага свету.

Кепска спалася многім напярэдадні такога жаданага, такога нецярпліва чаканага дня. Тамлівым, цяжкім ярмом прыгняталі душу многіх апошнія гадзіны чакання. Сэрца мімаволі замірала ад трывожных думак…

Як відаць, адзін толькі Ардан быў выключэннем. Гэты дзіўны чалавек быў такі-ж жвавы і дзейны, такі-ж вясёлы і бесклапотны, як з першага дня яго з’яўлення, — нішто яго ані не трывожыла, ані не заклапочвала. Спаў ён гэту ноч моцна і спакойна.

Ужо з самага рання незлічоны натоўп на бясконцую адлегласць пакрыў раўніны навокал Стонзхіла. Кожныя пятнаццаць мінут па чыгунцы пад’язджалі масы цікаўных. Гэтае нашэсце на Стонзхіл прыняла проста казачныя размеры: калі верыць справаздачам «Тампаскага назіральніка», пяць мільёнаў чалавек з’ехалася за гэты варты памяці дзень у Фларыду, каб прысутнічаць пры стрэле калумбіяды…

Ужо больш месяца, як у горадзе нехапала кватэр для размяшчэння штодня прыбываючых партый прыезджых. Большая частка іх вымушана была размясціцца ў паходных палатках ці ў наспех збудаваным жыллі вакол Стонзхіла. Гэтыя часовыя будынкі паклалі пачатак гораду, які пасля атрымаў назву Арданс-Таун. Стэп быў заняты хацінамі, баракамі, навесамі і рознымі палаткамі, і ў гэтым часовым жыллі пражывала насельніцтва, ліку якога маглі-б пазайздросціць многія з найбольш буйных гарадоў Еўропы.

Усе народы Зямлі, здавалася, мелі тут сваіх