Старонка:З пушкі на Луну.pdf/224

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шага нікчэмнага зямнога шара стрымлівае другіх ад падарожжа за Арданам на Луну…

Пасля размяшчэння багажа і мэблі пусцілі ваду ў прастору між дном снарада і часовай драўлянай падлогай вагона, — тую ваду, якая павінна была сваёй пругкасцю аслабіць непасрэдны ўдар парахавых газаў пры стрэле; затым напампавалі свяцільны газ у прыёмнікі пад вялікім ціскам. Берталетавай-жа солі і едкага натра, з прычыны магчымых непрадбачаных затрымак у дарозе, узялі столькі, што хапіла-б на здабыванне кісларода і паглынанне вуглекіслаты на працягу двух месяцаў. Для аднаўлення чыстага паветра пры дапамозе названых вяшчэстваў зроблены быў вельмі разумны самадзеючы прыбор, які не займаў многа месца. Такім чынам снарад-вагон быў поўнасцю гатовы для дарогі, заставалася толькі апусціць яго ў калумбіяду. Гэта быў апошні небяспечны момант усёй справы, калі, вядома, не лічыць стрэлу.

Вялізны снарад-вагон падвезлі на рэльсах да вярхушкі Стонзхіла, амаль да жэрла пушкі. Там яго падхапілі ланцугі сільных пад’ёмных машын, і снарад павіс над адтулінай калумбіяды.

Ланцугі напружана выцягнуліся.

Гэта была хвалюючая хвіліна! Што калі ланцугі не вытрымаюць такога вялікага цяжару? Тады сарваны з іх снарад упадзе на дно і сваім ударам узарве піраксілін…

Але ўсё абышлося добра. Снарад апускаўся плаўна, павольна, роўнамерна. Праз некалькі гадзін ён ужо спакойна ляжаў на верхнім слоі баваўнянага пораху, як на пуховай падушцы. Ціск ядра толькі лепш спрасаваў слаі піраксіліна.

— Я праіграў! — заявіў Ніколь, аддаючы стар-