Старонка:З пушкі на Луну.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У заключэнае дадам, што нейкі Ганс Пфааль з Ротэрдама, напоўніўшы шар новым газам, здабытым з азота, які аказаўся ў шмат разоў лягчэйшым за вадарод, падняўся на ім і дасягнуў Луны праз 19 дзён. Гэтае падарожжа, як і папярэдняе, было, вядома, фантастычным, але яго прыдумаў адзін з любімых пісьменнікаў Амерыкі, чалавек геніяльнага розуму, хаця і дзіўнага. Я маю на ўвазе Эдгара По.

— Ура Эдгару По! — усклікнуў сход, наэлектрызаваны прамоваю старшыні.

— Я скончыў са спробамі, якія назаву чыста белетрыстычнымі і зусім недастатковымі для ўстанаўлення сур'ёзных зносін Зямлі з Луной. Былі, між іншым, і ўдумлівыя, навукова абгрунтаваныя спробы завязаць зносіны з Луной. Так, напрыклад, некалькі гадоў назад адзін германскі матэматык прапанаваў арганізаваць навуковую экспедыцыю ў сібірскія стэпы. Там можна было-б, на яго думку, паставіць велізарнейшыя геаметрычныя фігуры, і прытым настолькі яркія, што яны будуць відны з Луны. Можна было-б устанавіць магутнейшыя светлавыя кропкі, напрыклад велізарныя электрычныя «вольтавы дугі», на аднолькавай адлегласці адна ад адной, і кідаць іх святло ўверх, у напрамку да Луны, пры дапамозе адпаведных рэфлектараў-люстраў. Атрымаліся-б рады агнявых кропак, агнявыя лініі, ясна бачныя ноччу нават на такой адлегласці, як ад Луны. Між іншым ён прапанаваў ізабразіць так Піфагораў трохвугольнік[1].

«Усякая разумная істота, — сцвярджаў германскі матэматык, — павінна зразумець навуковае значэнне

  1. Гутарка ідзе тут аб праекце славутага нямецкага матэматыка Гауса (1777–1855 г.).