Старонка:З пушкі на Луну.pdf/215

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кай, — той самай, на няўдачы якой капітан Ніколь заснаваў свой трэці заклад.

Трэба было зарадзіць калумбіяду і, перш за ўсё, пакласці на яе дно паўтараста тон піраксіліна. Піраксілін выбухае ад найменшага ўдару, капітан Ніколь раней прадсказваў, — трэба згадзіцца, не без падстаў, — што калі і пакладуць шчасліва такую колькасць піраксіліна, то гэтая выбуховая маса сама па сабе выбухне, як толькі на яе апусцяць снарад, з прычыны яго нязмернага ціску.

Небяспека павялічвалася яшчэ абсалютнай бесклапотнасцю амерыканцаў. Вядома, што ў час федэральнай вайны амерыканскія артылерысты з лёгкім сэрцам зараджалі бомбы выбуховымі вяшчэствамі, не вынімаючы цыгары з рота.

Найменшая неасцярожнасць пагражала не толькі няўдачай усёй справы, але і страшнымі чалавечымі афярамі. Таму Барбікен падвоіў сваю пільнасць. Да работы ён дапусціў толькі найбольш надзейных рабочых і ні на адну хвіліну не спускаў іх з вачэй: увесь працэс зараджэння пушкі, усе яго падрабязнасці праходзілі на вачах старшыні Пушачнага клуба, і, дзякуючы прынятым мерам перасцярогі, былі забяспечаны ўсе шансы поспеху гэтай незвычайна небяспечнай аперацыі.

Перш за ўсё ён загадаў, каб піраксілін падвозілі за агарожу Стонзхіла паступова, у пэўнай колькасці і ў старанна закупораных вялікіх скрынках. Уся маса піраксіліна была падзелена на восемсот цюкоў, кожны вагою па дзвесце кіло, што склала восемсот піраксілінавых патронаў, добра зробленых найбольш умелымі артылерыстамі Пенсакольскага арсенала. Дзесяць такіх цюкоў упакоўваліся ў вялікую скрынку, і поезд