Старонка:З пушкі на Луну.pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У апошніх чыслах кастрычніка, г. зн. менш чым праз год ад пачатку работ, велізарны рэфлектар на верхавіне гары Лонгспіка ўзнімаў ужо к небу сваю 85-метровую трубу.

Труба была падвешана да вялізнай жалезнай надбудовы, прычым, дзякуючы разумным механізмам, можна было кіраваць велізарнай трубой з надзвычайнай лёгкасцю: круціць ва ўсе бакі, наводзіць на ўсе пункты неба і няўхільна сачыць за рухам любога свяціла ад усходу яго ў адной частцы гарызонта да заходу ў другой.

Амерыканскія інжынеры паказалі тут сваё майстэрства.

Тэлескоп каштаваў 400 000 далараў.

Калі яго першы раз наставілі на Луну, назіральнікаў ахапіла страшнае пачуццё цікавасці і трывогі. Што яны ўбачаць? Што пакажацца ў полі гэтага тэлескопа, павялічваючага назіраемыя прадметы ў 48 000 разоў? Што-небудзь асабліва новае, — можа возера ці мора, будынкі, гарады, іншыя доказы заселенасці Луны?

Не… Тэлескоп Пушачнага клуба не знайшоў на луннай паверхні нічога такога, што не было-б раней вядома. Ён толькі пацвердзіў у дэталях вулканічную будову зямнога спадарожніка.


РАЗДЗЕЛ ХХІV

Апошнія падрыхтаванні

Настала 22 лістапада. Да апошняй урачыстай хвіліны стрэлу заставалася ўсяго дзесяць дзён. Усё ўжо было гатова, акрамя адной справы — найбольш небяспечнай, патрабаваўшай самай вялікай асцярожнасці, і таму ледзь не самай цяж-