Старонка:З пушкі на Луну.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

іспанскім шукальнікам прыгод». Амаль у той-жа час Сірано-дэ-Бержэрак — француз, ваенны і паэт — апісаў экспедыцыю на Луну ў кнізе, якая мела велізарны поспех. Пазней другі француз, — трэба прызнаць, што французы вельмі цікавяцца Луною, — вядомы Фантэнель, напісаў «Множнасць заселеных светаў» — адну з самых цікавых кніг свайго века. Але навука ідзе наперад, нешкадуючы ніякіх шэдэўраў! У 1836 годзе з’явілася брашура на французскай мове — пераклад аднаго артыкула журнала «Н’ю-Йоркскі амерыканец», — у якой расказвалася, што славуты астраном Джон Гершэль у час сваёй экспедыцыі на мыс Добрай Надзежды зрабіў такі ўдасканалены тэлескоп, ды яшчэ з «унутраным асвятленнем», што мог бачыць Луну як-бы з адлегласці васьмідзесяці крокаў. Гершэль, быццам-бы ясна ўбачыў на Луне пячоры, у якіх жылі бегемоты. Ён бачыў зялёныя горы, нібы аблямованыя залатым кружавам; бачыў бараноў з рагамі са слановай косці, белых коз і жыхароў, падобных на людзей, але з перапончатымі крыллямі, як у лятучых мышэй. Гэта брашура, напісаная амерыканцам Ніколэ, мела вельмі вялікі поспех[1]. Хутка, аднак, высветлілася, што гэта была навуковая містыфікацыя, і французы першымі пасмяяліся з яе.

— Пасмяяліся з амерыканца! — усклікнуў Мастон. — Вось і зачэпка для вайны!..

— Супакойцеся, мой дарагі дружа! Перш чым пасмяяцца, французы самі пабывалі ў дурнях, таму што спачатку паверылі нашаму земляку.

  1. Гэта сенсацыйная брашура вышла адначасова на некалькіх мовах. Амерыканская назва яе: „Важныя адкрыцці, зробленыя Дж. Гершэлем на мысе Добрай Надзежды“.