Старонка:З пушкі на Луну.pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

менняў, якія праходзяць праз аб’ектыў; у адсвечваючым тэлескопе карыстаюцца адсветам (рэфлексіяй) праменняў, падаючых на ўвагнутае люстра. Адсюль зразумела, чаму астранамічная труба называецца рэфрактарам, а тэлескоп — рэфлектарам.

Галоўная цяжкасць пры вытворчасці як рэфрактараў, так і рэфлектараў заключаецца ў вырабе вялікіх чачавіц і вялікіх люстраў.

Аднак, у той час, калі Пушачны клуб пачынаў свой грандыёзны дослед, вытворчасць астранамічных труб дасягнула ўжо высокай ступені ўдасканалення і давала выдатныя рэзультаты. Далёка ўжо быў той час, калі Галілей назіраў за нябеснымі свяціламі ў сваю маленькую трубку, якая павялічвала толькі ў некалькі дзесяткаў разоў! З ХVІ стагоддзя глядзельныя трубы ўсё павялічвалі ў размерах і к сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя давалі магчымасць далёка пранікаць у невядомыя да таго часу глыбіні зорнага неба.

Найбольш удасканаленымі рэфрактарамі гэтай эпохі лічыліся Пулкаўскі ў Расіі[1] які каштаваў 80 тысяч рублёў, з аб’ектывам у 38 сантыметраў у дыяметры, труба французскага оптыка Леберула з аб’ектывам той-жа велічыні і, нарэшце, рэфрактар Кембрыджскай абсерваторыі ў Злучаных Штатах з аб’ектывам у 48 сантыметраў.

  1. Тут ідзе справа аб старым рэфрактары Пулкаўскай абсерваторыі, аб'ектыў якога быў зроблен у 1840 г., адначасова з аб’ектывам для амерыканскай Кембрыджскай абсерваторыі. Для свайго часу яны былі вышэйшым дасягненнем аптычнай тэхнікі. Пятнаццацідзюймовы пулкаўскі рэфрактар яшчэ цяпер дзейнічае, хаця наша абсерваторыя мае ў сучасны момант куды больш сільны інструмент з аб’ектывам у 30 дзюймаў, зробленым праз дваццаць гадоў пасля таго, як быў напісаны гэты раман.