Старонка:З пушкі на Луну.pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Глядзельныя трубы бываюць двух тыпаў, і між імі вельмі вялікая розніца: трэба было перш за ўсё вырашыць, які тып найбольш прыгодны для спецыяльных мэт Пушачнага клуба — труба-рэфрактар ці адсвечваючы тэлескоп?

У рэфрактары на верхнім канцы змяшчаецца выпуклае шкло, формай падобнае да чачавіцы, якое называецца аб’ектывам, г. зн. «прадметным» шклом. На аб’ектыў падаюць светлавыя праменні ад назіраемага прадмета і, пераламіўшыся ў вешчастве шкла, даюць у пэўным месцы той-жа трубы ізабражэнне прадмета.

У ніжнім канцы такой трубы знаходзіцца другая чачавіца, называемая акулярам, г. зн. «вочным» шклом. Іменна ў яго глядзіць назіральнік. Акуляр, размешчаны такім чынам, што павялічвае малюнак, які дае аб’ектыў, усёроўна як збіральнае шкло, ці лупа, павялічвае маленькія і блізкія прадметы. Такім чынам, астранамічная труба закрыта ў процілеглых яе канцах двума шкелцамі, акулярам і аб’ектывам.

Адсвечваючы тэлескоп, наадварот, з’яўляецца трубой, адкрытай у верхнім яе канцы. У трубу непасрэдна пранікаюць праменні ад назіраемага прадмета і сустракаюць вялікае ўвагнутае люстра, размешчанае ўнізе трубы. Ад люстра праменні адбіваюцца і прытым, з прычыны яго ўвагнутасці, збліжаюцца адзін з адным. У месцы ўзаемнага іх перасячэння ўтвараецца ізабражэнне назіраемага прадмета. Назіральнік разглядае гэтае ізабражэнне не проста, а праз павелічальнае шкло, якое называецца акулярам тэлескопа.

Такім чынам, у астранамічнай трубе галоўную ролю адыгрывае рэфракцыя (пераламленне) пра-