Старонка:З пушкі на Луну.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бліжэйшыя прыяцелі. Моцна паціснуўшы ім рукі і забараніўшы самым рашучым чынам адчыняць дзверцы ядра раней шасці гадзін вечара 20 лістапада, паважаны Мастон апусціўся ў вызначаную гадзіну ў сваю добраахвотную турму. Адразу-ж герметычна завінцілі дзверцы.

Што адбывалася ўнутры снарада на працягу цэлага тыдня? Немагчыма было нічога даведацца, бо тоўстыя сценкі снарада затрымоўвалі ўсякі гук.

Настала 20-е лістапада. А шостай гадзіне вечара пачалі адвінчваць дзверцы. Прыяцелі Мастона крыху непакоіліся за яго лёс. Але яны тут-жа супакоіліся: не паспелі адкінуцца дзверцы, як з глыбіні бомбы пачулася вясёлае, гучнае «ура»!..

Праз некалькі момантаў з вярхушкі конуса ўрачыста выглянуў паважаны сакратар Пушачнага клуба.

За час «доследа» ён яшчэ больш патаўсцеў…


РАЗДЗЕЛ ХХІІІ

Тэлескоп Пушачнага клуба

За год перад тым, 20 кастрычніка, пасля высвятлення рэзультата сусветнай падпіскі на справу Пушачнага клуба, Барбікен пераслаў у Кембрыджскую абсерваторыю суму, дастатковую для пабудовы вялізнага тэлескопа, прызначанага для назіранняў за палётам ядра калумбіяды. Труба павінна была знаходзіць на паверхні Луны ўсякі прадмет больш трох метраў у дыяметры, — такая была асноўная ўмова заказа.