Старонка:З пушкі на Луну.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З прычыны яго першаступеннага значэння гэта пытанне было вырашана абмеркаваць на спецыяльным паседжанні камітэта Пушачнага клуба. Паседжанне адбылося ў той-жа вечар. Спачатку былі выкладзены даныя аб колькасці паветра, неабходнага для сутачнага спажывання чалавека.

У сярэднім дарослы мужчына ўдыхае за гадзіну амаль увесь кісларод, які знаходзіцца ў ста літрах паветра. Таму Барбікен, яго два спадарожнікі і два сабакі, якіх вырашана было ўзяць з сабою на Луну, павінны былі спажываць па дзве тысячы чатырыста літраў кісларода ў суткі, або, пераводзячы на меры вагі, па тры кілограмы. Значыцца, неабходна быдо ў дарозе бесперапынна папаўняць страты кісларода ў паветры снарада.

Хімічная здабыча кісларода сама па сабе вельмі простая. Найбольш практычным спосабам здабычы лічыўся ў той час спосаб Рэн’е і Рэзэ.

Паветра, як вядома, прадстаўляе сабой сумесь некалькіх газаў, галоўным чынам кісларода і азота: прыблізна дваццаць адна частка кісларода на семдзесят дзевяць частак азота.

Што наогул адбываецца пры дыханні? Чалавек удыхае ў лёгкія і ў кроў некаторую колькасць кісларода, неабходную для падтрымання яго існавання, і выдыхае азот некранутым. Выдыхаемае паветра састаіць з ранейшай колькасці азота, але бяднейшае кіслародам прыблізна на пяць процантаў; замест яго яно мае амаль такую-ж колькасць вуглекіслаты, якая ўтвараецца ў арганізме пры злучэнні кісларода (раней паглынутага) з крывёю. Таму, калі дыхаць у закупоранай прасторы, то паветра пакрыху траціць