Старонка:З пушкі на Луну.pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хапіць на шэсць сутак бесперапыннага асвятлення і ацяплення.

Аглядзелі і астатнія прыстасаванні для незвычайнага падарожжа.

— А куды дзяваць драўляны «плыт» пасля таго, як ён выканае сваю ролю? — запытаў Ардан. — Як-жа праз яго глядзець у ніжняе акенца?

Барбікен паказаў, што драўляны круг, які павінен паслужыць покрыўкай для вады, разбіраецца ўвесь на дробныя часткі. Можна будзе гэтыя часткі зусім выкінуць з ядра разам з пабітымі перагародкамі. Адтуліна ў ніжняй сценцы снарада служыла не толькі акенцам, але і люкам для выкідвання ўсяго непатрэбнага з вагона. Вядома, зроблены былі патрэбныя прыстасаванні, каб паветра з вагона не магло вырвацца вонкі.

Мішэль Ардан быў у захапленні ад свайго «вагона».

— Па-першае, даволі прасторна — прасторней, чым у лепшым купе чыгуначнага вагона першага класа. Можна нават рабіць крокаў шэсць-сем у шырыню, а да верху і рукой не дастанеш! Паглядзіце, як я яшчэ абсталюю і ўпрыгожу наша купе — проста карціна будзе! — гаварыў ён, ажыўлена жэстыкулюючы. — Шкада толькі, што нельга ўзяць з сабою некалькі ўзораў мастацтва. Бадай, цесна будзе…

Заставалася яшчэ пытанне аб паветры, у такой-жа ступені неабходным як харчы і ацяпленне, і куды больш важным, чым прадметы камфорта. Відавочна, што недастаткова будзе таго паветра, якое возьмуць з сабою падарожнікі ў сярэдзіну вагона, каб траім дыхаць на працягу чатырох, калі не больш, сутак.