Старонка:З пушкі на Луну.pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Даляцім да Луны, адвінцім гэту дзверку нашага карцэра, і гуляй сабе на волі па луннаму мацерыку! — усклікнуў Мішэль Ардан. — Ну, а як-жа мы будзем глядзець на дарогу? У вагоне я заўсёды саджуся каля акна…

— У нас будзе чатыры акны, — адказаў Барбікен, — два з бакоў, трэцяе каля верху, чацвертае на дне, у ніжняй сценцы. Знадворку іх не відаць, таму што яны павінны быць добра ахаваны — асабліва ніжняе — ад першапачатковага штуршка. Таму знадворку яны накрыты тоўстымі пласцінамі; але потым, калі ўзляціць снарад, можна гэтыя пласціны зняць, адвінціўшы іх унутраныя балты. Такім чынам паветра з снарада не вырвецца вонкі; можна будзе глядзець у акно і рабіць назіранні.

Барбікен паказаў адно з такіх акон. З унутранага боку гэта было тоўстае чачавіцападобнае шкло. Ён таксама паказаў, як можна адвінчваць знадворныя пласціны.

Наогул фірма Брэдвіль і К° заваявала славу. Усе механізмы дзейнічалі з надзвычайнай лёгкасцю і дакладнасцю. Адразу адчувалася, што інжынеры і рабочыя ўклалі ў заказ Пушачнага клуба ўсё сваё майстэрства.

— Паказавай цяпер, дзе буфет і кухня! — сказаў Ардан.

Буфет складаўся з трох скрынак, прымацаваных да сценак і прыстасаваных для захоўвання харчоў і сякой-такой пасуды. Замест кухні была невялікая газавая пліта; газ-жа захоўваўся ў асобым прыёмніку ў сціснутым выглядзе, пад ціскам некалькіх атмасфер. Варта было павярнуць кран, і атрымлівалася газавае асвятленне і ацяпленне. Запаса газу павінна было