Старонка:З пушкі на Луну.pdf/197

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Веру, хаця і дзіўна. Ва ўсякім разе, буду памятаць, — адказаў Ардан.

— Цяпер далей. Паколькі вада амаль не сціскаецца і прытым зусім пругкая, яна можа прыняць які хочаш штуршок…

— Які яе не «сагне» і не «зломіць». Бачыш, я разумею! — дадаў Ардан.

— Вельмі правільна, хаця ты і смяешся, — казаў далей Барбікен. — Атрымаўшы-ж штуршок і некаторы сціск, вада адразу-ж будзе імкнуцца заняць першапачатковы аб’ём, г. зн. у сваю чаргу, штурхне, і прытым з тою-ж сілаю, усе навакольныя прадметы…

— Чакай, Барбікен! І мы-ж будзем «навакольнымі прадметамі»! Можа ты думаеш «для прысутных» зрабіць «выключэнне»?

Барбікен махнуў рукою з прыкрасцю і хацеў было спыніць тлумачэнне, але, глянуўшы на здагадлівы твар друга, адумаўся і сказаў:

— Ты — немагчымы слухач, але ты на сваёй блазенскай мове правільна паставіў пытанне: іменна так трэба зрабіць, каб дзеянне вады — ці, прынамсі большая частка гэтага дзеяння перайшла на нас.

— Як-жа ты прыдумаў?

— На дно снарада нальем слой вады з метр таўшчынёю. Затым на гэту ваду мы апусцім моцны драўляны круг, зусім непранікальны для вады: вада не будзе праходзіць нават паміж краямі круга і сценкамі ядра, — усё гэта лёгка зрабіць. Выходзіць, у ядра будзе моцная драўляная падлога.

— Хочаш зрабіць плыт? Унізе вагона — вада, на вадзе — плыт, і мы паедзем на плыце? Не думаў я «ляцець» на плыце! — перапыніў Ардан.