Старонка:З пушкі на Луну.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

верыць, таму што ты вучоны, прытым такі вучоны, які ведае сваю справу; я-ж у механіцы амаль нічога не разумею, а матэматыкі зусім не ведаю; я-ж складаць добра не ўмею, асабліва, калі вялікія лікі.

— Як-жа ты прыводзіў многа правільных даных і цыфр у сваёй прамове на мітынгу? — запытаў не без здзіўлення Барбікен.

— Цыфры і ўсялякія факты магу запомніць, калі я іх вывучу, а я іх заўсёды вывучу, калі яны цікавыя, — спакойна адказаў Ардан. — Так растлумач-жа мне, што ты прыдумаў: падушку на спружынах, велізарныя рэсоры? Прычым тут вада?

— Чакай! Перш за ўсё я паўтару тое, што ты мне пятнаццаць хвілін таму назад сказаў: калі ты так ставіш пытанне, баюся, што і тлумачэння не зразумееш…

— А я паўтараю твой адказ: усё-такі паспрабуй растлумачыць, дарагі Барбікен!

— Ты ведаеш, што вада валодае дасканалай пругкасцю?

— Прызнацца, ніколі не думаў, каб слова «пругкасць» дапасоўвалася да вады. Я ведаю пругкасць гумы, стальной рэсоры, дрэва, якія выгінаюцца і потым зноў выпростваюцца…

— Гэта таксама пругкія вяшчэствы, але пругкасць іх недасканалая і нават вельмі нязначная. Перагнеш дрэва — яно так і застанецца сагнутым або зломіцца; перакруціш спружыну — яна лопне і т. д. А на ваду можна дзейнічаць якой хочаш сілай, і яна не страціць сваёй пругкасці. Калі, напрыклад, ціснуць на яе ў пасудзіне з тоўстымі сценкамі, яна крыху сціснецца, але як толькі ціск аслабне, яна зноў зойме такі-ж аб’ём, як раней. Ты гэта сабе ўяўляеш?