Старонка:З пушкі на Луну.pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сонца. Яе канічная шапка на значным цыліндрычным масіве рабіла бомбу падобнай на тыя тоўстасценныя вежы, якімі сярэдневяковая архітэктура аздабляла верхнія вуглы ўмацаваных замкоў: нехапала толькі вузенькіх бойніц у сценах і флюгера на даху.

— Сапраўды, можна падумаць, — усклікнуў Ардан, — што вось-вось выйдзе з вежы сярэдневяковы воін у сваіх жалезных даспехах! А мы ў ёй будзем нібы феадальныя бароны… Узяць-бы з сабою яшчэ крыху артылерыі, і мы перамаглі-б усю армію селенітаў, — калі толькі на Луне ёсць жыхары.

— Значыцца, табе падабаецца наш экіпаж? — запытаўся ў яго Барбікен.

— О, безумоўна, — адказваў Ардан, разглядаючы далей снарад, як мастак вывучае манумент ці карціну. — Шкада толькі, што контур грубаваты, ды конус мог-бы быць прыгажэйшым. Трэба-б яго аздобіць металічнай разьбой… Хіба цяжка было зрабіць уверсе які-небудзь выступ — пасадзіць, напрыклад, Хімеру ці Саламандру, выскакваючую з агню з распластанымі крыллямі і разяўленай пашчай?

— Навошта? — запытаў Барбікен, практычны розум якога быў мала ўражлівы да хараства мастацтва.

—— Ты пытаешся «навошта», мой мілы Барбікен! На жаль, калі ты мне ставіш такое пытанне, я баюся, што ты ніколі не зразумееш адказу…

— А ты ўсё-такі паспрабуй адказаць.

— А ведаеш: па-мойму, трэба ва ўсё, што мы робім, што мы ствараем, укладваць чым больш хараства, прыгожасці. Ведаеш індускую п’есу па назве «Каляска дзіцяці»?