Старонка:З пушкі на Луну.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але прапанова Мішэля Ардана зусім змяніла пастаноўку пытання. Нельга было дапусціць, каб снарад, які павінен быў служыць адначасова і вагонам, круціўся, як яму ўздумаецца. Мішэль Ардан гаварыў, што ён згодзен ляцець на Луну, але не згодзен круціцца, як вавёрка ў коле. Ён хацеў падарожнічаць з такім-жа спакоем і «дастойнасцю», як напрыклад, у гандоле паветранага шара, але, разумеецца, куды хутчэй.

— Падумайце самі, што гэта будзе за пасажыр, якому давядзецца куляцца чацвёра сутак падрад!

Таму завод Брэдуіль і К° атрымаў своечасова чарцяжы і заказ на снарад новай формы. Алюмінія ўжо даўно нарыхтавалі, заставалася толькі зрабіць мадэль снарада і адліць яго. Адліўка была ўдала зроблена 2 лістапада, і, як толькі снарад астыў (гэта адбылося вельмі хутка, бо снарад быў параўнальна невялікіх размераў), яго адразу накіравалі па чыгунцы ў Стонзхіл. Ужо 10 лістапада ён шчасліва быў дастаўлены на месца прызначэння.

Мішэль Ардан, Барбікен, Ніколь, — а з імі, разумеецца, і Мастон, які хваляваўся яшчэ мацней, чым непасрэдныя ўдзельнікі падарожжа, — з нецярплівасцю чакалі свайго «бомба-вагона», у якім яны павінны былі дасягнуць луннага мацерыка.

Снарад аказаўся цудам металургіі. Усе без выключэння прызналі, што ён робіць найвялікшы гонар прамысловаму генію амерыканцаў.

Перш за ўсё, за першы раз была атрымана, хутка і ў тэрмін, такая вялікая колькасць чыстага алюмінія, і ўжо на гэта можна было глядзець, як на незвычайны поспех навейшай амерыканскай тэхнікі.

Дарагая бомба ярка блішчэла пад праменнямі