Старонка:З пушкі на Луну.pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

між намі, што ты вельмі, так сказаць, недасканалы, каб з’явіцца на Луну…

— Недасканалы? — усклікнуў буяны інвалід.

— Але, мілы! Уяві сабе, што там, на Луне, мы сустрэнем жыхароў… Што яны пра цябе падумаюць? Ды хіба табе самому прыемна будзе паказаць на сваёй няпоўнай, так сказаць, персоне, што творыцца тут, у нас, на Зямлі, — дэманстраваць сабою сумную ілюстрацыю вынікаў вайны? Дзякуючы табе селеніты даведаюцца, што людзі Зямлі трацяць лепшы свой час на тое, каб разбіваць адзін аднаму галовы, рукі і ногі, адзін аднаго знішчаць! Яны тады даведаюца, чаму на нашай планеце няма і паўтара мільярда жыхароў, хаця яна магла-б пракарміць цэлых сто мільярдаў. Адным словам, яны атрымаюць такое дрэннае паняцце аб Зямлі, што — ведаеш, мой браце — могуць яшчэ паказаць нам на дзверы…

— Ну, а калі вы самі даляціце да Луны ў выглядзе кавалкаў? — засупярэчыў Мастон. — Вы тады будзеце яшчэ менш «дасканалыя», чым я.

— Гэта вядома… — адказаў Мішэль Ардан, — але я ўпэўнен, што мы даляцім туды цэлымі.

Ардан меў падставу сцвярджаць гэта. Не толькі тэарэтычныя меркаванні Барбікена, прыдумаўшага, як знішчыць сілаю пругкасці вады «аддачу» снарада, але і дослед, пастаўлены 18 кастрычніка, пераканаў яго ў гэтым.

Барбікен выпісаў з арсенала Пенсаколы 32-дзюймовую мартыру і паставіў яе на канцы рэйда Гілісборо, каб бомба, падаючы назад, папала ў мора; гэта павінна было значна аслабіць сілу ўдара. Для таго-ж, каб вытрымаць дзеянне першага штуршка, г. зн. напор парахавых газаў на снарад, бомба была зроблена асобым спосабам, а іменна: