Старонка:З пушкі на Луну.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

імі і даказваць, што яны, уласна кажучы, забойцы; праўда, вельмі вучоныя, вельмі мілыя і далікатныя, але ўсё-такі забойцы. Ардан з захапленнем аглядаў калумбіяду і апусціўся на дно гіганцкай мартыры, якая хутка павінна была закінуць яго на Луну. Аддаўшы належнае майстэрству артылерыстаў і механікаў, Ардан дадаў:

— Сапраўды, калумбіяда — усім пушкам пушка! Найлепшая ў свеце! Перш за ўсё тым, што яна нікога не заб’е, нікому не зробіць шкоды. Не тое, што вашы звычайныя пушкі, якія прыносяць толькі гора, разбурэнне, смерць!

Тут неабходна прыпомніць аб інцыдэнце з паважаным сакратаром Пушачнага клуба. Як толькі Барбікен і Ніколь згадзіліся з прапановай Ардана ляцець на Луну, Мастон тут-жа рашыў, што і ён да іх далучыцца. Таму, як толькі мінулі надзвычайныя акалічнасці пасля дуэлі, ён звярнуўся да Барбікена з патрабаваннем афіцыйна паставіць пытанне аб «паездцы ўчатырох» на Луну. Але, пры ўсёй сваёй прыхільнасці да Мастона, Барбікен, як старшыня Пушачнага клуба, выказаўся супроць удзелу Мастона ў палёце, зрабіўшы яму заўвагу, што снарад можа ўзяць толькі самы абмежаваны лік пасажыраў — не больш трох.

Зняважаны да болю ў сэрцы, Мастон пабег да Мішэля Ардана з надзеяй на яго дапамогу, але і Ардан падтрымаў думку Барбікена. Ардан, аднак, не абмежаваўся звычайным адмаўленнем, а імкнуўся пераканаць, уцешыць паважанага сакратара Пушачнага клуба ўсякімі довадамі як грамадскага, так і асабістага, так сказаць, характару.

— Ведаеш што, браток Мастон… Ты, калі ласка, не гневайся і не вытлумач маіх слоў у дрэнны бок, але, па праўдзе кажучы, згадзіся, дзедка,