Старонка:З пушкі на Луну.pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўсяму свету і занялі пачэсныя месцы ў альбомах. Здымкі рабіліся розных размераў, ад натуральнай велічыні да мініятур — з паштовую марку. Кожны амерыканец мог бачыць свайго героя ва ўсялякіх позах: адну галаву, ці па пояс, або ва ўвесь рост, у профіль, у тры чвэрці, анфас і, урэшце, хоць адну патыліцу і спіну. Лік партрэтаў Мішэля Ардана дайшоў да 1 500 000 экземпляраў.

У Ардана быў зручны момант пагандляваць рэліквіямі: за кожны яго волас, напэўна, далі-б па далару і больш, што, пры яго ільвінай грыве, склала-б цэлую маёмасць.

Нельга сказаць, каб гэтая папулярнасць не падабалася Ардану. Наадварот. Ён ахвотна трымаў сувязь з публікай і гатовы быў перапісвацца з цэлым светам. Усюды паўтаралі яго словы, асабліва яго дасціпныя жарты, прычым часта прыпісвалі яму і такія, у якіх ён быў зусім невінаваты. Публіка верыла ўсяму, бо запас жартаў Мішэля Ардана здаваўся невычарпальным.

Калі, нарэшце, яму пашчасціла крыху вызваліцца ад публічных ушанаванняў, ён пайшоў з бліжэйшымі сваімі сябрамі аглядаць калумбіяду. Гэта быў, можна сказаць, абавязковы для яго падзячны візіт, бо іменна калумбіяда дала яму магчымасць набыць сусветную славу.

Дзякуючы частым гутаркам з Барбікенам, Мастонам і астатнімі членамі Пушачнага клуба, Мішэль Ардан сам пачаў крыху разбірацца ў балістыцы і пазнаёміўся з некаторымі фактамі ў гэтай галіне; сур’ёзнаму разуменню балістыкі перашкаджала яго амаль поўная адсутнасць ведаў па матэматыцы. Аднак, Ардан гаварыў не столькі аб артылерыі, колькі аб прыяцелях-артылерыстах. Вышэйшай асалодай для яго было дражніцца з