Старонка:З пушкі на Луну.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ ХХІ

Новы грамадзянін Злучаных Штатаў

Тэлеграф у той-жа дзень разнёс па ўсіх Злучаных Штатах вестку аб паядынку між старшынёй Пушачнага клуба Барбікенам і капітанам Ніколем і аб незвычайным яго канцы. Ролю, якую ў гэтай гісторыі сыграў Ардан, яго нечаканая прапанова, што адхіліла цяжкасці прымірэння двух выдатных грамадзян Злучаных Штатаў, іх адначасовая згода з гэтай прапановай, саюз прадстаўніка Францыі і прадстаўнікоў Злучаных Штатаў для паходу за Луну, — усё гэта яшчэ больш павялічыла без таго вялікую папулярнасць Мішэля Ардана.

Усім вядома, з якою палкасцю амерыканцы прывязваюцца да асобнага чалавека, які заслужыў іх павагу ці любоў. Можна ўявіць сабе буру зычлівых маніфестацый, якую ўзняў француз у краіне, дзе часам і самыя важныя чыноўнікі, у парыве захаплення, запрагаюцца ў карэту артысткі і з трыумфам вязуць яе па шматлюдных вуліцах! Калі не запрагалі коней Ардана, то толькі па адной прычыне — у француза іх не было… Затое якіх толькі ён не атрымаў доказаў пашаны і захаплення! Не было грамадзяніна, які застаўся-б да яго халодным. Не было амерыканца, які не прызнаў-бы Мішэля Ардана выдатным, «адзіным сярод многіх».

З гэтага дня Мішэль Ардан не меў ні хвіліны спакою. Штодня, з раніцы да ночы, да яго прыходзілі дэпутацыі з усіх канцоў Амерыкі, і ўсе гэтыя дэпутацыі ён, рад ці не рад, павінен быў прымаць і выслухоўваць. Немагчыма злічыць,