Старонка:З пушкі на Луну.pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вінны і вы адзін аднаго паважаць. Дуэлі між вамі, ва ўсякім выпадку не будзе.

— Не, будзе! Я буду біцца!

— Не будзеце біцца!

— Капітан! — усклікнуў Мастон ад усёй душы, — я блізкі друг старшыні нашага клуба. Калі вам абавязкова трэба каго-небудзь забіць, страляйце ў мяне: гэта будзе зусім адно і тое-ж.

— Падобныя жарты!.. — усклікнуў капітан, сударгава сціскаючы стрэльбу.

— Майму другу Мастону зусім не да жартаў, — перапыніў Мішэль Ардан, — і я разумею яго жаданне памерці за чалавека, якога ён вельмі любіць. Але ні ён, ні Барбікен не загінуць ад куль капітана Ніколя, таму што вам і Барбікену я ўнясу такую прапанову, такую спакуслівую прапанову, што вы абодва ні на секунду не затрымаеце адказу згоды.

— А дазвольце даведацца, якая гэта прапанова? — запытаў Ніколь з яўнай недаверлівасцю.

— Крыху пацярпіце, — адказаў Ардан, — я магу яе сказаць толькі ў прысутнасці Барбікена.

— Ну, у такім выпадку давайце хутчэй яго шукаць! — усклікнуў Ніколь.

Адразу ўсе утраіх накіраваліся шукаць. Капітан разрадзіў сваю стрэльбу і пайшоў нервоваю хадою, не гаворачы ні слова.

Ужо цэлых поўгадзіны дарэмна шукалі. Мастон не мог вызваліцца ад чорных думак. Ён панура ўглядаўся ў Ніколя і запытваў у сябе, ці не прыкінуўся гэты страшны чалавек, задаволіўшы сваю крывяжэрную помсту, — ці не пакінуў ён пад якім-небудзь скрываўленым кустом цела Барбікена, насмерць прастрэленае куляй? Часам здавалася, што і Мішэля Ардана трывожыць такая-ж маркотная