Старонка:З пушкі на Луну.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тычных думак, значна пасунуўшых наперад поспехі артылерыі паўночных штатаў.

Гэта быў чалавек сярэдняга росту і — што было вельмі рэдкай з’явай у Пушачным клубе — захаваў усе свае канечнасці непашкоджанымі. Рэзкія рысы яго твара здаваліся начэрчанымі вугольнікам і рэйсфедарам, і калі праўда, што для таго, каб угадаць характар чалавека, дастаткова ўгледзецца ў яго профіль, дык профіль Барбікена даваў самыя бясспрэчныя доказы яго энергіі, адвагі і вытрыманасці.

У гэтую хвіліну ён сядзеў нерухома, паглынуты сваімі думкамі; позірк яго быў закрыты чорным шаўковым цыліндрам-капелюшом, які здаецца нібы прывінчаным да галавы амерыканца. Ён не звяртаў ніякай увагі на шумную гаворку сваіх членаў, хаця яны выказвалі ўголас свае меркаванні аб прадмеце яго даклада; другія ва ўпор глядзелі на старшыню, дарэмна імкнучыся разгадаць невядомую ім навіну; але твар Барбікена заставаўся спакойным.

Нарэшце, прабіла восем. Барбікен адразу выпрастаўся і ўстаў, нібы падкінуты пружынай. Увесь зал адразу змоўк. Барбікен загаварыў некалькі ўзвышаным тонам.

— Паважаныя калегі! Ужо вельмі доўга бясплодны свет асуджае членаў Пушачнага клуба на абсалютную бяздзейнасць. Пасля некалькіх гадоў бліскучага ажыўлення нам прышлося пакінуць усе нашы работы і адразу спыніцца на шляху прагрэса. Я не баюся сказаць на ўвесь голас, што для нас крайне патрэбна якая-б там ні была вайна…

— Так, вайна! Неабходна вайна! — ускрыкнуў палкі Мастон.