Старонка:З пушкі на Луну.pdf/164

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

газавая абалонка навокал Луны, то яна ўжо даўно знікла. Але я лічу за лепшае паставіць перад вамі некалькі неабвяргальных фактаў.

— Стаўце! — адказаў Ардан з самай ласкавай усмешкай. — Стаўце колькі хочаце!

— Спадзяюся, вы ведаеце, — казаў далей незнаёмы, — што калі праменні святла пападаюць у такую сферу, як паветра, яны адхіляюцца ад ранейшага прамалінейнага кірунку, або, як кажуць, пераламляюцца. Вы таксама павінны ведаць, што Луна, праходзячы між Зямлёй і зоркамі, часова хаваецца ад нас — або, як кажуць астраномы, «засланяе» — многія зоркі. Перад пачаткам такога «засланення» праменні зоркі ідуць вельмі блізка да луннага дыска, а пры пачатку «засланення» дакранаюцца да яго. І вось, не гледзячы на гэта, праменні гэтыя ніколі не адхіляюцца ад свайго кірунку, г. зн. зусім не пераламляюцца, а гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі каля луннай паверхні няма ніякай газавай абалонкі. Адсюль відавочны вынік: на Луне няма паветра, няма атмасферы.

Усе позіркі былі накіраваны на Мішэль Ардана. Як ён адкажа? Сапраўды, калі няма пераламлення праменняў каля краёў Луны, то няма і пераламляючай сферы, г. зн. паветра ці іншых газаў…

— Сапраўды, — адказаў Ардан, — пераламлення праменняў не назіраецца каля краёў Луны. Гэта ваш самы сільны доказ і амаль адзіны. Вучоны можа не змог-бы даць на яго просты адказ. А для мяне гэты довад не мае абсалютнага значэння. Скажыце мне, мілы грамадзянін, ці дапускаеце вы існаванне вулканаў на Луне?

— Патухшых вулканаў — так. Дзеючых — не.