Старонка:З пушкі на Луну.pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

які даказвае, што арганізацыя рыб не прыстасавана да жыцця ў вадзе.

— Шаноўны судар, я не такіх вучоных маю на ўвазе. Я магу назваць імёны, якіх вы не можаце не прызнаваць.

— О, шаноўны судар, у такім выпадку вы паставіце ў вельмі цяжкое становішча такога прафана, як я. Аднак, рад буду выпадку даведацца аб чым-небудзь новым.

— Чаго-ж вы мяшаецеся ў вучоныя пытанні, калі вы іх не вывучалі? — запытаў незнаёмы досыць груба.

— Чаго? — адказаў Ардан. — Храбры той, хто не падазрае небяспекі! Я нічога не ведаю, гэта праўда, але ў гэтай іменна слабасці мая сіла!

— Ваша слабасць вельмі блізка мяжуе з вар’яцтвам! — крыкнуў з абурэннем незнаёмы.

— Э, тым лепш, — засупярэчыў француз, — калі маё вар’яцтва давядзе мяне да Луны!

Барбікен і яго таварышы паядалі вачыма нязванага госця, які так смела асуджаў Мішэля Ардана. Ніхто яго не ведаў. Старшыня Пушачнага клуба здаваўся крыху збянтэжаным і не без трывогі паглядаў на Мішэля Ардана, далёка не ўпэўнены ў навуковай падрыхтаванасці свайго новага прыяцеля. Гэты настрой як быццам перадаўся і сходу: усе ўслухоўваліся ўважліва і з відочнай трывогай, разумеючы, што зараз будуць выстаўлены ўсе небяспекі або нават поўная невыканальнасць мяркуемага падарожжа Мішэля Ардана.

— Ёсць шмат доказаў, — зноў пачаў праціўнік Ардана, — прытым да гэтага часу не абвергнутых, аб поўнай адсутнасці атмасферы на Луне. Я мог-бы нават даказаць, што калі і існавала калі-небудзь