Старонка:З пушкі на Луну.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дома, згодзіцеся, што гэта вялікая перавага Юпітэра над Зямлёй, не кажучы ўжо аб яго доўгіх гадах: кожны з іх прадаўжаецца дванаццаць зямных гадоў! Для мяне зусім ясна, што пры такіх дзіўна спрыяючых умовах жыцця насельнікі гэтага больш шчаслівага «свету» не толькі даўжэй жывуць, але павінны быць істотамі больш развітымі, чым мы, зямныя людзі. Вучоныя там абавязкова больш вучоныя, артысты больш таленавітыя, добрыя людзі там яшчэ лепшыя за нашых, і нават злыя, сярдзітыя на Юпітэры менш злыя, менш сярдзітыя, чым на Зямлі. І, толькі падумаць, чаго нехапае нашай Зямлі, каб дайсці да такой дасканаласці! Глупства! Толькі восі вярчэння, менш нахіленай да плоскасці арбіты.

— Ну, дык што-ж! — раптоўна пачуўся гнеўны голас. — Злучым сілы, вынайдзем машыны і выпрастаем зямную вось!

Гром воплескаў пачуўся ў адказ на гэту прапанову, якая магла прыйсці ў галаву аднаму толькі Дж. Т. Мастону. У яго заўсёды быў нахіл да інжынернага майстэрства, і пры яго палкім выабражэнні яму нічога не каштавала хапіць цераз край. Трэба, аднак, прызнацца, што не ён адзін аказаўся такім «звыш-інжынерам». Многія зусім простадушна адобрылі яго «геніяльную» думку. І, зразумела, каб у амерыканцаў быў пункт апоры, якога патрабаваў у старажытнасці Архімед, яны безадкладна ўзяліся-б за выраб рычага, каб павярнуць Зямлю ці, прынамсі, падняць яе вось.

Як-бы там ні было, але «практычная прапанова» Мастона мела і вялікі «практычны» поспех — добрую чвэрць гадзіны ў перапынку займалі спрэчкі. Але і пасля доўга яшчэ гаварылі ў Злучаных