Старонка:З пушкі на Луну.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

было вельмі прыемным заняткам. Стол старшыні быў заменены вялікім і вельмі тоўстым кавалкам ліставога жалеза, умацаваным на шасці кароткіх пушках; чарнільніцай служыла надзвычай добра выразаная граната, а званок старшыні дзейнічаў стрэламі, накшталт рэвальверных. Але і такі гучны званок ледзь заглушаў цэлымі залпамі сваіх стрэлаў узбуджаныя галасы палкіх членаў клуба.

Перад старшынёю былі расстаўлены зігзагамі лаўкі для аудыторыі, падобныя на крэпасныя валы і акопы, і ў гэты вечар, вядома, можна было сказаць, што ўвесь гарнізон Пушачнага клуба стаяў «на ўмацаваннях». Члены клуба былі ўсе ў зборы. Яны вельмі добра ведалі свайго старшыню, каб хаця крыху сумнявацца, што ён іх патурбаваў без крайне ўважлівай і, безумоўна, цікавай прычыны.

Імпі Барбікен быў чалавек гадоў сарака, спакойны, няласкавы, з суровым выглядам, указваючым на сур'ёзны, сканцэнтраваны розум. Акуратны, як хранометр, з непарушным характарам, ён амаль не меў рыцарскіх здольнасцей; аднак, яго цікавілі незвычайныя прыгоды, у якія ён укладваў свой практычны дух. Гэта быў выдатны каланізатар з поўначы, прамы патомак «круглагаловых», якія знішчылі дынастыю Сцюартаў, няўмольны вораг рабаўладальнікаў паўднёвых штатаў — гэтых колішніх кавалераў старой Англіі.

Барбікен разбагацеў, гандлюючы лесам. Калі выбухнула вайна, ён з’явіўся адным з першых добраахвотнікаў і хутка, маючы выдатныя здольнасці і веды, быў назначаны дырэктарам артылерыі.

На гэтым пасту ён яшчэ больш праславіўся радам вынаходстваў і здзіўляючай смеласцю прак-