Старонка:З пушкі на Луну.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А я цалкам у гэтым пераконан, — адказваў Ардан.

— Аднак, — заўважыў адзін з членаў сходу, — існуюць сур’ёзныя супярэчанні супроць заселенасці светаў. Ва ўсякім выпадку неабходна прызнаць, што для большасці планет умовы жыцця, г. зн. умовы існавання арганізаваных, жывых і мыслячых, падобна людзям, істот, вельмі значна розняцца ад адпаведных умоў на Зямлі. Таму, абмяжоўваючыся нават аднымі планетамі, можна сказаць, што на планетах, вельмі далёкіх ад Сонца, жывыя істоты павінны мерзнуць і нават замерзнуць, а на іншых заўсёды такая гарачыня, што істоты, падобна людзям, няздольны яе вытрымоўваць: на такіх блізкіх да Сонца планетах яны павінны спячыся.

— Шкадую, што не маю шчасця ведаць асабіста майго паважанага апанента, — адказаў Мішэль Ардан, — тым не менш пастараюся яму адказаць. Яго супярэчанне, вядома, вельмі сур’ёзнае, але мне здаецца, што можна з поспехам абвергнуць вынікі, якія ён з яго выводзіць. Перш за ўсё: калі на далёкіх, халодных, мёрзлых планетах унутранай цеплаты будзе выдзяляцца больш, чым на Зямлі, то тэмпература на іх паверхні акажацца дастатковай для істот, арганізаваных накшталт зямных; таксама высокая тэмпература бліжэйшых да Сонца планет можа абмяжоўвацца меншым напружаннем уласнага цяпла планеты. Зразумела, і пасля гэтага ўмовы жыцця на розных планетах застануцца вельмі рознымі, але хіба прыродазнаўчыя навукі не даказваюць нам прыстасавальнасць зямных істот да самых розных умоў жыцця? Хіба рыбы не дыхаюць у асяроддзі, безумоўна згубным для іншых жывёлін? Хіба амфібіі не прыстасоўваюцца