Старонка:З пушкі на Луну.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

добра адпавядала свайму прызначэнню. Лёгкі яго дах — нібы кружава са штампаваных жалезных убораў — трымаўся на высокіх калонах з правільна складзеных пушачных ствалоў; падпоркамі для гэтых калон служылі вялікія і тоўстыя мартыры. Сцены былі маляўніча разрысованы хітрымі ўзорамі з мушкетаў, стрэльбаў, штуцэраў і ўсякай агнестрэльнай зброі, старадаўняй і навейшай. Газавае полымя лілося з тысячы рэвальвераў, згрупаваных асобнымі люстрамі, з цэлых снапоў злучаных паміж сабой пісталетаў, з вялікіх звязак зброі. Пры гэтым дзіўным асвятленні эфектна вылучаліся калекцыі Пушачнага клуба: мадэлі пушак, узоры бронзы і сталі, прастрэленыя мішэні, металічныя дошкі, прабітыя некалі снарадамі гармат членаў клуба, кучы ядраў, гірлянды гармат, — адным словам, усе часткі гармат, усе дэталі артылерыйскай справы.

Надзвычай мастацкі згрупаваныя, калекцыі гэтыя хутчэй нагадвалі дэкаратыўныя прылады, чым жахлівыя гарматы смерці.

У адным з пачэсных куткоў, за пышнаю вітрынаю, красаваўся буйны кавалак «тарэлі» — задняй, найбольш тоўстай часткі пушачнага ствала, пабіты, пагнуты, скручаны ад дзеяння парахавых газаў. Гэта быў каштоўны астатак славутай мартыры пажыццёвага сакратара Пушачнага клуба, найпаважанейшага Дж. Т. Мастона.

Старшыня сядзеў у глыбіні залы, на шырокім узвышэнні, абкружаны чатырма сакратарамі. Крэсла яго, пастаўленае на высокім разбяным пушачным лафеце, мела выгляд мартыры з трыццацідвухдзюймовым жэрлам, пастаўленай пад вуглом у дзевяноста градусаў і падвешанай такім чынам, што старшыня мог у ёй калыхацца. У спёку гэта