Старонка:З пушкі на Луну.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каторыя паціскалі плячамі, многія проста разрагаталіся, — гледзячы па настрою кожнага.

Адзін толькі Мастон паставіўся інакш. У яго вырвалася цудоўная фраза:

— А гэта-ж — ідэя! Выдатная ідэя!

— Сапраўды, ідэя, — адказаў яму маёр Эльфістон, — але калі дазволена часам мець такія ідэі, то толькі пры ўмове не ажыццяўляць іх…

— А чаму-ж не ажыццяўляць? — горача пярэчыў шаноўны сакратар Пушачнага клуба, з выразным намерам добра паспрачацца.

Але яго сябры пастараліся хутчэй замяць гаворку, каб не «распаліць» шаноўнага сакратара.

Між тым імя Мішэля Ардана пераходзіла ўжо з вуснаў у вусны па ўсяму Тампа. І прыезджыя і мясцовыя жыхары пераглядваліся, перапытвалі адзін у аднаго, смяяліся — не з гэтага невядомага еўрапейца, які ўяўляўся ім міфам, хімерай, але з высокашаноўнага сакратара Пушачнага клуба, які здольны быў паверыць у існаванне зданнёвай асобы. Калі Барбікен прапанаваў стрэліць вялікім ядром у Луну, кожны янкі знайшоў гэту прапанову натуральнай, цалкам выканальнай, простай і прытым вельмі цікавым пытаннем балістыкі. Але каб разумная істота прапанавала сябе ў якасці пасажыра бомбы калумбіяды, задумала такое дзіўна-неймавернае падарожжа, гэта — проста фантазія, жарт, нават жарт у квадраце.

Кпіны і жарты працягваліся без перапынку да самай ночы. Можна смела сцвярджаць, што ўсе Злучаныя Штаты ў гэты дзень рагаталі, аж паміралі, што, між іншым, даволі неўласціва для краіны, дзе самыя дзіўныя, а з еўрапейскага пункту гледжання проста немагчымыя, справы