Старонка:З пушкі на Луну.pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тампа неймаверна разросся. Насельніцтва яго ўжо налічвала паўтараста тысяч чалавек. Новыя вуліцы займалі не толькі ранейшую Брукскую крэпасць, якая апынулася амаль у цэнтры горада, але разышліся на ўсю доўгую пясчаную водмель, якая падзяляла абедзве адтокі бухты. На фларыдскім сонцы, і яшчэ больш на амерыканскай энергіі, вырас багаты прамысловы і гандлёвы горад. Ранейшы голы ўзбярэжны пясок занялі новыя кварталы і новыя вялікія будынкі. Яшчэ ў пачатку года хутка арганізаваліся акцыянерныя таварыствы, якія ўзялі падрады на пабудову школ, цэркваў, банкаў і прыватных дамоў. Менш чым за год плошча горада павялічылася ў дзесяць разоў.

Вядома, што янкі родзяцца камерсантамі-прадпрыемцамі; іх палкасць да спраў праяўляецца і на радзіме, і на чужыне, і ў трапічных краінах, і ў палярных — усюды, куды ні закіне іх лёс. Таму многія з іх, якія прыязджалі ў Тампа проста для таго, каб прагуляцца і паглядзець на работы Пушачнага клуба, хутка скемілі, што тут можна абжыцца, перасяліліся сюды і адкрылі крамы, магазіны, майстэрні, склады, банкірскія канторы.

Гавань Тампа надзвычай ажывілася дзякуючы рэйсіраванню суднаў, зафрахтаваных для падвозу рабочых і велізарных запасаў матэрыялаў у Стонзхіл. Хутка ў гавані пачалі з’яўляцца і іншыя судны: паравыя і парусныя, вялікія і малыя, рознага выгляду і танажу. Яны падвозілі харчы і рознага роду тавары для бесперапынна ўзрастаючага насельніцтва горада.

Не прайшло і некалькіх месяцаў, як адкрыліся параходныя і транспартныя канторы, партовыя арцелі і нават «Карабельная газета», якая штодзённа адзначала прыбываючыя і адбываючыя