Старонка:З пушкі на Луну.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

усе ведалі, што яна, секунда ў секунду, з’явіцца на прызначанае ёй спатканне.

Радасць Мастона не ведала граніц, і ён ледзь не загінуў, неасцярожна нахіліўшыся каля жэрла пушкі, каб лепш углядзецца ў яе глыбіню. Калі-б не правая рука Блемсберы, якая, на шчасце, уцалела ад вайны ў паважанага палкоўніка і своечасова ўхапіла Мастона, шаноўны сакратар Пушачнага клуба, найпаважанейшы Дж. Т. Мастон, упаў-бы з вышыні трохсот метраў і знайшоў-бы смерць у глыбокім бяздонні калумбіяды.

Значыцца, пушка была гатова. Ні ў каго не магло заставацца сумнення ў добрым выкананні яе адліўкі. Павінен быў прызнаць гэта і капітан Ніколь… Ён адразу выслаў старшыні Пушачнага клуба суму, праіграную ў першым закладзе, і 6 кастрычніка Барбікен запісаў дзве тысячы далараў на прыход у сваю чэкавую кніжку.

Можна сабе ўявіць пачуцці капітана Ніколя! Казалі, што ён захварэў ад прыкрасці і гневу, і можна было гэтаму паверыць.

Заставаўся, аднак, яшчэ заклад — у тры, чатыры і пяць тысяч далараў. Выйграўшы іх, Ніколь мог-бы яшчэ мець прыбытак.

Але не грашовыя меркаванні прыцягвалі і хвалявалі капітана Ніколя: страшны ўдар яго самалюбству, усім яго марам аб абароне ад ядраў нанесла ўдача ў адліўцы пушкі, стрэлы якой прабілі-б броню ў дзесятак метраў таўшчынёй.

З 27 верасня было дазволена публіцы заходзіць за агарожу Стонзхіла. Зразумела, што адразу нахлынуў натоўп наведвальнікаў.

Сапраўды, яшчэ раней у Фларыду пачалі з’язджацца з усіх куткоў і куточкаў Злучаных Штатаў цікаўныя турысты, і за гэты год горад