Старонка:З пушкі на Луну.pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Работа аказалася вельмі цяжкай, бо пад уплывам высокай гарачыні пясок і гліністая замля, складаўшыя ўнутраную форму пушкі, набылі надзвычайную цвёрдасць. Прыходзілася працаваць ломам, кіркаю і свідравальнымі машынамі ў гарачай глебе, якая на паверхні чыгуна заставалася нават пякучай.

Усё было пушчана ў ход для паскарэння работы: для дзяўбання акамянелага грунта паставілі самыя сільныя машыны; адламаныя кавалкі спечанай зямлі адразу грузілі ў цялежкі, якія выцягваліся наверх паравою сілаю.

Галоўным прыспяшальнікам работ з’явіўся ўсё-ж сам чалавек — энергія рабочых. Барбікен здолеў павысіць гэту энергію сваімі безупыннымі ўгаворамі, а паколькі многія з іх прымалі форму наградных далараў, то яны набывалі асобую сілу, і цяжкая праца выбірання ўнутранай формы магла быць закончана к 3 верасня.

Пасля гэтага пачалося калібраванне ўнутранай паверхні пушкі. Паставілі магутнейшыя свідравальныя машыны, якія маглі справіцца з люстранай, надзвычай цвёрдай карой халоднага чыгуна яго паверхні.

Праз некалькі тыдняў унутраны канал калумбіяды быў падобны на зусім гладка адпаліраваны цыліндр, які ўсюды меў аднолькавы дыяметр у тры метры і быў пастаўлен строга вертыкальна з дапамогаю самых дакладных інструментаў, накіроўваўшых работу свідравальных і паліравальных машын.

Адным словам, 22 верасня, г. зн. менш чым праз год пасля славутага паведамлення Барбікена, велізарная калумбіяда была гатова. Заставалася толькі чакаць Луны, але гэта зусім не трывожыла: