Старонка:З пушкі на Луну.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

клуба, адліўка калумбіяды з’яўлялася, сапраўды, святам — асабістым святам.

Паважаны сакратар Пушачнага клуба наладзіў сабе падвойнае свята, прыняўшы ролю праважатага для прыезджых таварышоў. Ён вадзіў іх усюды — і да шахты, і ў майстэрні, і ў склады. Ён прымусіў іх агледзець усе ўстаноўкі і ўсе машыны.

— Наш паважаны друг Мастон не прапусціць, здаецца, ніводнай дэталі, — заўважыў генерал Морган, які ўжо даволі стаміўся ад хады і ад спёкі.

— Неабходна яшчэ агледзець печы, — абвясціў Мастон. — Агністыя печы! Цудоўныя печы!

І ён павёў іх спачатку да адной печы, потым да суседняй, потым да трэцяй і так далей і, не гледзячы на яўныя пад канец пратэсты, прымусіў іх абыйсці ўвесь чатырохкілометравы круг пячэй. Ганаровыя наведвальнікі ўжо не адчувалі пад сабой ног ад стомленасці…

Пачатак адліўкі, г. зн. заліўкі пушачнай формы расплаўленым чыгуном, быў прызначан роўна на дванаццаць гадзін дня. Таму печы закідалі чыгуном і вугалем яшчэ напярэдадні, прычым брускі чыгуна палажылі рашоткай, каб між ходамі свабодна хадзіла гарачае паветра і роўнамерна награвала гэтыя брускі. Можна меркаваць аб велічыні пячэй, калі пры такім вольным размяшчэнні брускоў у кожнай печы змясцілася каля 50 тон металу.

Печы распалілі на золку, і з раніцы ўжо тысяча дзвесце труб выкідвалі клубы дыму і полымя, зямля навокал глуха гула.

Для поўнай выплаўкі чыгуна патрабавалася роўная вагавая колькасць вугалю: значыцца, да поўдня павінны былі перагарэць 60 000 тон вугалю —