Старонка:З пушкі на Луну.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

надзвычай нязначнай у параўнанні з велізарнай масай чыгуна.

Работы па фармоўцы канала калумбіяды былі пачаты на другі дзень пасля заканчэння каменных работ у шахце. 8 ліпеня гэтыя работы шчасліва закончыліся.

Цяпер усё ўжо было гатова для самай адліўкі калумбіяды.

Барбікен прызначыў адліўку — ці свята адліўкі, як назвалі яго ліцейшчыкі, — на другі дзень а поўдні.

— Вельмі цудоўнае будзе свята, — заўважыў Мастон Барбікену. — Вось прываліць народу!..

— Староннія асобы не будуць дапушчаны, — перапыніў Барбікен.

— Як? Гэта свята будзе… пры зачыненых дзвярах… агарожы? — здзівіўся Мастон.

— Так. Я публіку не пушчу, — адказаў Барбікен. — Адліўка калумбіяды з’яўляецца справай перш за ўсё вельмі цяжкай, і публіка можа перашкодзіць, парушыўшы парадак; затым, гэта справа вельмі небяспечная — магчымы няшчасныя выпадкі. Таму я лічу за лепшае зрабіць гэту аперацыю пры зачыненых дзвярах. Можна будзе наладзіць публічнае свята перад стрэлам калумбіяды, але не раней.

Старшыня Пушачнага клуба меў права так гаварыць. Пры адліўцы пушкі маглі здарыцца непрадбачаныя аскладненні і няшчасці, і тады публіка сцясніла-б свабоду дзеянняў. Таму ніхто не быў дапушчаны за агарожу, акрамя членаў Пушачнага клуба, прыехаўшых ужо ў Тампа.

Сярод гэтых членаў былі знаёмыя ўжо чытачу: маёр Эльфістон і генерал Морган, жывы Білсбі, Том Гентэр і палкоўнік Блемсберы. Для іх, як і для астатніх прыбыўшых з імі членаў Пушачнага