Старонка:З пушкі на Луну.pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тэрміну, вызначанага Барбікенам, — шахта дасягнула дагаворнай глыбіні ў трыста метраў. У той-жа час было закончана і ўсё мураванне; мур стаяў ужо на суцэльным дзесяціметровым масіве і адтуль ішоў уверх цыліндрычным кальцом.

Старшыня Пушачнага клуба і прысутныя пры работах члены Пушачнага клуба ўрачыста віталі і горача дзякавалі інжынера Мерчызона за незвычайную хуткасць і добрасумленнасць яго работ.

На працягу гэтых васьмі месяцаў Барбікен не пакідаў Стонзхіл ні на адну хвіліну. Дбайна сочачы за ўсімі работамі, ён пастаянна клапаціўся аб здароўі і добрабыце рабочых. Можа дзякуючы гэтым шчырым клопатам сярод насельніцтва Стонзхіла не пашыралася ні адна з тых эпідэмій, якія так часта бываюць у краінах, блізкіх да тропікаў.

Праўда, некалькім рабочым каштавала жыцця зрушэнне каменнага мура, а ў іншых выпадках — смерці былі з прычыны ўласнай неасцярожнасці. Ды пры такіх вялікіх і небяспечных работах ніяк нельга папярэдзіць падобных няшчасных выпадкаў.

Амерыканцы лічаць такія няшчасныя выпадкі глупствам. Аднак, Барбікен меў іншы пункт гледжання і стараўся ўнікаць іх. Таму процант няшчасных выпадкаў у час капання шахты не перавысіў сярэдняга процанта такіх-жа выпадкаў у еўрапейскіх краінах, якія хваляцца сваімі ахавальнымі мерамі і прадугадлівай апекай у грамадскіх работах. Але і ў гэтых краінах на семдзесят пяць тысяч рублёў кошту работ прыпадае адна смерць ад няшчасных выпадкаў пры работах…