Старонка:З пушкі на Луну.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Недарэчныя! — заключыў Том Гентэр, абструваючы шырокім нажом ручку свайго крэсла. — Так, нам застаецца толькі садзіць табак або чысціць кітавы тлушч!

— Як! — усклікнуў Мастон грамавым голасам. — Мы састарэем і памром, не скарыстаўшы апошніх гадоў нашага жыцця на ўдасканаленне агнестрэльных гармат? Нам не будзе выпадку выпрабаваць дальнасць нашых стрэлаў? Паветра не асвеціцца больш агнём нашых пушак? Вы забываеце заўсёды магчымыя міжнародныя цяжкасці, якія дазволяць нам аб’явіць вайну якой-небудзь заатлантычнай дзяржаве! Няўжо французы не затопяць ніводнага нашага карабля? Няўжо англічане не парушаць калі-небудзь міжнароднага права, — ну, напрыклад, павесяць трох-чатырох нашых землякоў?

— Не, Мастон, — адказаў палкоўнік Блемсберы, — не дачакацца нам такога шчасця! Не здарыцца ніводнага інцыдэнта, а калі і ўзнікне, мы не зможам скарыстаць яго. Нацыянальная чуткасць Злучаных Штатаў слабее з кожным днём; хутка ўсе мы станем бабамі!..

— Праўда, наш урад зусім пазбаўлен нацыянальнага гонару. Мы часта знімаем шапкі перад іншымі дзяржавамі! — дадаў Білсбі.

— Больш таго — нас зневажаюць! — зрабіў вывад Том Гентэр.

— Святая праўда! — падхапіў з новаю сілаю Мастон. — У паветры носяцца тысячы прычын для аб’яўлення вайны, і іх не хочуць скарыстаць! Наш урад клапоціцца аб эканоміі ног і рук для людзей, якія не ведаюць, што ім рабіць з гэтымі рукамі і нагамі! Ды няма чаго далёка шукаць гэтай прычыны: хіба Паўночная Амерыка раней не належала англічанам?